Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч завіталі ў ААТ “Налібакі Агра” з прыемнай місіяй – павіншаваць хлебаробаў з працоўнай перамогай.

Па выніках раённага спаборніцтва менавіта з гэтай гаспадаркі найбольш механізатараў выйшлі пераможцамі на выкананні веснавых палявых работ.
-У вашых руках дабрабыт не толькі Стаўбцоўшчыны, а і ўсёй нашай краіны, – звярнуўся да хлебаробаў Дзяніс Сяргеевіч. -У таварыстве сёлета пад яравымі занята самая вялікая плошча сярод гаспадарак раёна, і вы справіліся пасеяць усе сельскагаспадарчыя культуры своечасова і якасна. Праведзена сапраўды тытанычная работа. І сёння прыемная нагода сказаць вам шчырыя словы ўдзячнасці за добрасумленную і нялёгкую працу, якая не ведае святочных і выхадных дзён.

Павіншавала механізатараў з працоўнай перамогай і выказала рупліўцам палеткаў добрыя словы за плён іх старання на хлебнай ніве старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч.
Дзяніс Колясень уручыў перадавікам падзячныя пісьмы і падарункі ад райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК.
За высокую арганізацыю па падрыхтоўцы і правядзенні вясенне-палявой кампаніі адзначаны і дырэктар гаспадаркі Віталій Кушнер.
Віталій Іванавіч сказаў, што і сапраўды хлебаробам было вельмі нялёгка, але яны пастараліся. Менавіта сплаў вопыту і маладосці дазволіў выканаць пастаўленую задачу. І вельмі прыемна, што механізатараў налібацкіх палеткаў кіраўніцтва раёна павіншавала першымі – яны гэта заслужылі. Па словах механізатараў, такая ацэнка іх працы, паважлівыя адносіны да яе стымулююць працаваць яшчэ лепш.
На ворыве глебы вызначыўся Павел Мазанік, які шчыруе механізатарам звыш сарака гадоў. Вопытны, старанны, ён пастаянна ў перадавіках. Падчас размовы Павел Мар’янавіч сказаў, што і надалей будзе працаваць з поўнай аддачай, нягледзячы на ўзрост, бо прывык рабіць работу на сумленне.

Антон Маскалевіч стаў лепшым сярод калег на сяўбе кукурузы. Антон Казіміравіч мясцовы, з патомных хлебаробаў. Яго бацька таксама завіхаўся механізатарам і з дзяцінства прывучаў сына да тэхнікі. Пасля заканчэння школы ў Антона нават не ўзнікла пытання кім быць – ён даўно вызначыўся, што пойдзе на слядах бацькі. Антон Казіміравіч выдатны работнік, яму даручаюць самыя адказныя палявыя работы.
На сяўбе збожжавых культур у Яўгенія Чэмкі сёлета ў канкурэнтах толькі яго калега па працы Аляксандр Шаламоўскі. Механізатары яшчэ у тым узросце, калі любая справа па плячы. Яны працуюць на энерганасычаных трактарах з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі і поўны светавы дзень знаходзяцца ў полі, пастаянна перавыконваючы нормы выпрацоўкі. Тэхніку і агрэгаты перадавікі падрыхтавалі надзейна і адпрацавалі пасяўную кампанію без паломак і прастояў. Кіраўніцтва сельгаставарыства задаволена работай сейбітаў, гэтыя людзі ніколі не падвядуць, заўсёды выканаюць даручаную работу не толькі хутка, але і якасна. Дзякуючы іх намаганням удалося паспяхова справіцца з павялічаным аб’ёмам работ.
Мікалай Новік вызначыўся на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Працуе ў гаспадарцы сем гадоў Мікалай Новік, як і яго калегі па працы механізатар-універсал, бывае заняты на розных работах. Падчас уборачнай кампаніі, садзіцца за штурвал камбайна і дабіваецца высокіх намалотаў.
Аляксей Ражок прыехаў у гаспадарку з Валожынскага раёна. Стаж работы ў таварыстве небагаты,але і за гэты непрацяглы час паказаў сябе з лепшага боку. Безадказны, дысцыплінаваны. Даручылі Аляксею Францавічу новую тэхніку, у распараджэнні дбайнага працаўніка “Беларус -1523”. Сярод механізатараў на ўнясенні арганічных угнаенняў пад веснавую сяўбу яму сёлета няма роўных.
У таварыстве і сапраўды падабраўся моцны касцяк механізатараў. Гэтыя людзі шчыруюць самааддана, разумеючы значнасць сваёй прафесіі для кожнай беларускай сям’і і дзяржавы ў цэлым.
Упэўнена і ўмела кіруе гаспадаркай дырэктар Віталій Кушнер, які па праву лічыцца адным з лепшых кіраўнікоў сярод сельскагаспадарчых таварыстваў раёна. Віталій Іванавіч згуртаваў калектыў, які здольны вырашаць самыя складаныя задачы.