Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук правеў сустрэчу з маладымі спецыялістамі, якія на працягу 2020-2022 гадоў прыбылі ў Бярэзінскі раён і папоўнілі рады працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Цікавая, змястоўная, не закамплексаваная і карысная адбылася размова. Было пра што расказаць маладым спецыялістам з напрацаванага ўжо вопыту, з таго, як складваюцца ў іх справы на першым працоўным месцы, як прыняла іх Бярэзінская старонка, ці ёсць нараканні на бытавыя ўмовы і заробкі. Сустрэча насіла форму дыялога і нярэдка яго тон задаваў Дзяніс Ігаравіч сваімі зваротамі і пытаннямі.
– Не трэба губляцца, – падкрэсліў ён. – Калі здараюцца цяжкасці адаптацыі ў новым калектыве, а тым больш расчароўвацца ў выбранай прафесіі. Яна зараз вельмі ганаровая і запатрабаваная ў грамадстве. Любыя кадравыя пытанні, перастаноўкі, накіраванне ў іншую сельскасгападрчую арганізацыю вырашаюцца на раённым узроўні. І дапамога ў гэтым плане заўсёды будзе аказвацца.
Кажучы пра дальнейшы прафесійны рост пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну, старшыня раена адзначыў, что тыя ж, хто паспяхова пройдзе адпаведнае навучанне і практыку ў перадавых гаспадарках, маюць магчымасць заняць адказную кіруючую пасаду.
І такія прыклады сапраўды ёсць. Так, кандыдатуру маладога агранома ААТ “Брадзец” Ігната Трушко гэтымі днямі ўзгадняюць на пасаду начальніка раённай насеннай інспекцыі. У перспектыўны кадравы рэестр кіруючага персаналу пасля праходжання адпаведнай практыкі на базе лепшых гаспадарак рэспублікі залічаны галоўны інжынер СУП “Зравушка-агра” Уладзіслаў Маркоўскі.
Дарэчы, Уладзіслаў – чалавек мясцовы, навучанне праходзіў па мэтавым накіраванні. Падобна яму на Бярэзіншчыну вярнуліся таксама пасля мэтавай падрыхтоўкі Мікіта Крафт, які сёння паспяхова працуе галоўным інжынерам з сельгасфіліяле “Арэшкавічы”, аграном СУП “Зравушка-агра” стаў Максім Пікулік, прадстаўнікамі інжынернай службы ААТ “Пагосцкі” – Уладзіслаў Андрыевіч і Кірыла Мотуз.
Некаторыя юнакі і дзяўчаты, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін, заключаюць дагаворы на працяг работы ва ўпадабаных ім калектывах. У іх ліку галоўны аграном ААТ “Пагосцкі” Дзяніс Цітавец і ветурач СУП “АграМАЗ” Кацярына Кокіц. А Арцём Гаруноў, які пачынаў сваю працоўную біяграфію ў існаваўшым раней ААТ “Месціна”, затым спрабаваў сябе ў СУП “Здравушка-агра” і КУП “Мацевічы-агра”, а сёння прыступае да выканання абавязкаў ветурача ў сельгасфіліяле “Ома”. У пошуках далейшага прыкладання сваіх здольнасцей сёння знаходіцца галоўны бухгалтар ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Аляксандра Токан, якая, верыцца, таксама застанецца на Бярэзіншчыне. Толькі станоўчыя водгукі ідуць пра яе калегу з СУП “АграМАЗ” Аляксандра Бяляева, які зарэкамендаваў сябе і як цудоўны знаўца бухгалтарскай справы, і як адзін з прызёраў конкурсу “Містар-аграпрам”.
Завяршылася мерапрыемства на прыемным акордзе: прысутныя на сустрэчы маладыя спецыялісты зрабілі цікавую экскурсійную паездку ў Дукорскі маёнтак.
Дарэчы, сёлета Бярэзінскі раён папоўніць як мінімум восем маладых выпускнікоў сельскагаспадарчых вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі.
І яшчэ. Мэтавыя накіраванні ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні для паступлення ў сельгасВНУ сёлета атрымалі чатыры выпускнікі школ раёна. Гэта Яна Аўтуховіч, Радзівон Карповіч, Аляксей Гоман і Паліна Кавалёнак. Жадаем ім поспеху пры паступленні на абраныя спецыяльнасці і будзем чакаць у якасці маладых спецыялістаў на роднай Бярэзіншчыне!
Анатоль ПАЛЫНСКІ.