Любанская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з самага пачатку веснавых палявых работ на пастаянным кантролі трымае такія пытанні, як забеспячэнне гарачым харчаваннем, спецвопраткай, сродкамі індывідуальный абароны, перад- і паслярэйсавы кантроль, іншыя, ад якіх залежаць камфортныя ўмовы для працы хлебаробаў і іх плён.
Традыцыйна асаблівая ўвага таксама надаецца і матэрыяльнай, маральнай падтрымцы вяскоўцаў, якія ад світанку да змяркання шчыруюць на палетках гаспадарак і закладваюць фунтамент будучага ўраджаю.
– Раннія яравыя загорнуты, і мы ўжо можам падсумаваць прамежкавыя вынікі і падзякаваць за руплівасць і старанне тым, хто вызначыўся на сяўбе зерневых і працягвае працаваць на іншых відах сельскагаспадарчых работ з высокай матывацыяй і самааадачай, – распавяла лідар райкама галіновага прафсаюза Таццяна Рубін.
У ліку тых, хто ўшанаваны за адказны падыход да справы і добрыя вытворчыя паказчыкі, трактарысты-машыністы КСУП “Таліца-агра”: Іван Лазоўскі, задзейнічаны на запраўцы глебы пад яравыя культуры мінеральнымі тукамі, Андрэй Вяроўка – на ўнясенні арганічных угнаенняў, Павел Пяткевіч – на ворыве глебы. Праца на зямлі для кожнага з іх – гэта ўсвядомлены прафесійны выбар. А нейкага сакрэта паспяховай дзейнасці няма. Па словах хлебаробаў, галоўнае – адказна ставіцца да абранай справы, сачыць за тэхнікай, тады і вынік будзе.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК выказала падзяку аграрыям за дбайнасць, добрасумленныя адносіны да выканання пастаўленых задач. Уручыла тальскім механізатарам падарункі і пажадала ім спрыяльнага надвор’я, моцнага здароўя, дабрабыту, станоўчага настрою.