1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
25 июля 2024

Выпрабаванне жнівом

Ніхто, пэўна, не будзе спрачацца з тым, што ўборка ўраджаю ў аграрыяў  – гэта самая напружаная і адказная сельгаскампанія. І важна  правесці яе не толькі якасна, каб сабраць вырашчанае да апошняга зярнятка, а і без выпадкаў вытворчага траўматызму, захаваўшы здароўе і жыццё работнікаў.

А таму выкананню правіл аховы працы, як з боку кіраўніцтва, адказных спецыялістаў, так і саміх рупліўцаў, павінна надавацца вялікае значэнне, каб выключыць сітуацыі, якія могуць прывесці да  непрыемных здарэнняў, і выпрабаванне жнівом не стала трагічным. Ці створаны для таго ўсе ўмовы, сочаць у тым ліку прадстаўнікі галіновага прафсаюза. Як зазначыла старшыня райкама Таццяна Рубін, пільная ўвага падчас маніторынгаў і праверак мабільнай групай удзяляецца  забеспячэнню вяскоўцаў, што шчыруюць у гарачую пару на палетках і збожжатоках, гарачым харчаваннем, сродкамі індывідуальнай аховы, наяўнасцю аптэчак і вогнетушыцелей у транспартных сродках і інш.

Неабходна адзначыць, што ў большасці сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна добрасумленна падышлі да пытання бяспекі. Да працы дапушчаныя работнікі, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і прайшлі інструктаж па ТБ. У пуцявых лістах іх ёсць адзнакі пра знаходжанне механічнага транспартнага сродку перад выездам на лінію ў спраўным стане і здавальняючае самаадчуванне вадзіцеляў, трактарыстаў-машыністаў. Збожжаўборачныя камбайны ўкамплектаваны першаснымі сродкамі пажаратушэння. Штодня на палетках арганізавана дзяжурства пажарнай альбо прыстасаванай тэхнікі. А хлебаробам акрамя смачных абедаў дастаўляецца на поле абавязкова і пітная вада, – распавяла лідар раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.

Аднак, вядома, не памыляецца той, хто нічога не робіць. Вось і падчас праверак часам выяўляюцца недахопы. У такіх выпадках выдаюцца рэкамендацыі для аператыўнага іх ухілення, каб недапусціць фактаў траўмавання вяскоўцаў.

Клопат пра людзей працы для нас – першачарговы, – падзялілася падчас наведвання гаспадаркі лідар пярвічкі КСУП «Таліца-агра» Галіна Бокшыц. – Таму і  прафілактыка вытворчага траўматызму на асаблівым кантролі: ад стварэння санітарна-бытавых умоў для працаўнікоў да забеспячэння тэхнічнага боку ўборачнай кампаніі. А каб у хлебаробаў быў дадатковы стымул для плёну, штодзень падсумоўваюцца вынікі саперніцтва і ў гонар лепшых узнімаецца Флаг працоўнай славы каля адміністрацыйнага будынка і машынна-трактарнага двара.