Калектыў МТК “Вішнявец” ААТ “Вішнявецкі-агра” Сталбцоўскага раена выйшаў пераможцам штоквартальнага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці малака.

У спаборніцтве прымалі ўдзел больш за тысячу калектываў фермаў вобласці. Нашы жывёлаводы занялі першае месца ў намінацыі з прадукцыйнасцю малочнага статка да шасці тысяч кілаграмаў малака. І гэта даволі важкі вынік. Павіншаваць сельскіх працаўнікоў са значнай для іх падзеяй прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Бычкоўскі, старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода і загадчык аддела па сацыяльна- эканамічнай работе абкама Аляксандр Юрчык, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч. Яны падзякавалі жывёлаводам за добрасумленную працу і пажадалі новых дасягненняў. Міхаіл Бода уручыў брыгадзіру малочнатаварнага комплексу Марыі Талака дыплом камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, Мінскага абласнога аграпрамысловага саюза і грашовую прэмію для калектыву.

Нялёгкая праца людзей таксама адзначана каштоўным падарункам ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
