У ААТ “Зазерка” выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб паспець назапасіць больш кармоў. Надвор’е непрадказальнае, таму ў сельгасарганізацыіраспрацоўваюць няўдобіцы і сеюць кукурузу, каб атрымаць якасныя зялёныя кармы.

— Пасяўная ў гэтым годзе была позняя і зацяжная, глеба – пераўвільготненыя, затым стала засуха, — расказвае дырэктар ААТ “Зазерка” Андрэй Папельскі. — Тэхніка была гатова, людзі былі настроены на працу, таму праведзена пасяўная ранніх яравых культур у аптымальныя тэрміны. Але з-за таго, што год анамальна сухі, мы прынялі рашэнне адворваць траву і да гэтага часу сеем кукурузу, каб забяспечыць дастатковую кармавую базу ў гаспадарцы. Распрацоўваем землі, якія многія гады не засяваліся, каб не прыйсці да зімы з тым, што з-за засухі мы засталіся без кармоў. Мы заворваем палі, дзе раслі травы, распрацоўваем усе няўдобіцы пад сяўбу кукурузы. Адначасова згодна загратэхнічнымі тэрмінамі і патрабаваннямі вядзём хімаапрацоўку пасеваў. Поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў, пры гэтым пасяўная ў нас працягваецца. Складана, вядома весці адначасова і нарыхтоўку кормаў, і сяўбу і распрацоўку няўдобіц. Мінулыя гады мы не займаліся гэтым і не планавалі. Штодня, прыходзячы на работу, даводзіцца прымаць новыя рашэнні, хаця і асноўныя працыў нас застаюцца, іх менш не стала. Людзі разумеюць гэту сітуацыю, працуюць з самааддачай, хаця працаваць сення ў полі вельмі цяжка: пыл стаіць такі, что не відаць трактара.

Сёлета ў сельгасарганізацыі распрацавалі каля 70 гектараў няўдобіц. Плануюць распрацаваць да 100 гектараў. Прыводзяць у парадак прысядзібныя ўчасткі, ад якіх людзі адмовіліся. Уключаюць у абарачэнне меліяраваныя землі, якія былі запушчаны, карыстаючыся тым момантам, што зараз суха і тэхніка можа ўвайсці ў тыя месцы, дзе раней не ўдавалася.
Упершыню ў ААТ “Зазерка” пасеялі частку кукурузы ў сумесі са сланечнікам, каб узбагаціць кармы бялковай базай. Гатункі кукурузы закупілі добрыя, унеслі дастатковую колькасць арганікі. Засталося чакаць умоў надвор’я, якія б садзейнічалі намаганням аграрыяў і дапамаглі атрымаць ураджай. Днём горача, а ночы халодныя. І гэта адкладае адбітак на развіцці траў, зерневых культур. Ёсць верагоднасць недаатрымання валавога збору збожжа да ўзроўню мінулага года.
— Я вельмі ўдзячны за працу нашаму калектыву, — кажа Андрэй Станіслававіч. — Разам са старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі Людмілай Ленкавец мы вырашылі адзначыць людзей, якія вызначыліся на пасяўной, уручыць ім падзячныя лісты, падарункі, каб людзі разумелі, што іх праца заўважана. Добрасумленна працавалі нашы механізатары Іён Панфіл, Мікіта Фёдаравіч, Сяргей Зароўны, Сяргей Шчэрба, Андрэй Нарэйка, Дзмітрый Клунко, токар Аляксандр Дзяшук, які дапамагае ў рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Дзякаваць я гатовы ўсім. Ёсць людзі, якія не гледзячы ні на што, працавалі з шасці раніцы і да позняга вечара.