23 марта ў Казіміра Станіслававіча Дамброўскага трактарыста – машыніста ААТ “Агранеманскі” Стаўбцоўскага раёна юбілейны дзень нараджэння. Павіншаваць паважанага чалавека з асабістым святам прыехалі начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Стаўбцоўскага райвыканкама Віталь Бычкоўскі, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Тамара Калошыч і першы сакратар райкама КПБ Святлана Жыбуль. Цёплыя словы віншавання і шчырыя словы ўдзячнасці за шматгадовую працу адрасавалі юбіляру, падкрэслілі, што менавіта намаганнямі такіх людзей, як Казімір Станіслававіч, прымнажаюцца паказчыкі таварыства, раёна і краіны ў цэлым.
Асаблівая падзяка – ад кіраўніцтва гаспадаркі і прафсаюзнага камітэта, з пажаданнямі плённай працы ў далейшым. Граматы, падарункі, кветкі… Гэта вельмі важна, але самае галоўнае – шчаслівыя вочы чалавека, якога ўважылі і дастойна ацанілі. Гавораць, што семдзесят- гэта не старасць, а час мудрасці і вопыту. Вось і наш юбіляр прызнаецца, што пакуль не збіраецца кідаць любімую справу, без якой наогул не ўяўляе свайго жыцця.
Казіміра Станіслававіча без перабольшвання можна назваць легендай Стаўбцоўшчыны. 52 гады – такі працоўны стаж Казіміра Станіслававіча, і адзіны запіс у працоўнай кнізе. Механізатар ад Бога, ён усёй душой аддадзены агранёманскім палеткам, да дробязяў ведае кожную пядзю зямлі-карміцелькі, якая за клопат і любоў заўсёды аддзячвае шчодрым ураджаем.
Казімір уладкаваўся на работу ў гаспадарку пасля заканчэння Залужскай сярэдняй школы. Падчас уборачнай пары рупіўся памочнікам камбайнера, прычэпшчыкам, зімою шчыраваў у паляводчай брыгадзе. Затым яго накіравалі на курсы трактарыстаў, якія скончыў з адзнакай.
– Вучыўся з задавальненнем, бо мне падабалася гэтая прафесія, – расказвае Казімір Станіслававіч. – Яшчэ ў школе напісаў у сачыненні, што хачу быць механізатарам. Пачынаў працаваць на гусенічным трактары.
Пасля службы ў арміі Казімір Дамброўскі вяртаецца на малую радзіму і працягвае працу ў калгасе. Яму даручаюць самы магутны на той час Т-150К. На трактарах гэтай маркі механізатар рупіўся амаль трыццаць гадоў.
Гэтага няўрымслівага чалавека яшчэ называюць мясцовым Кулібіным, бо на працягу работы ён унёс мноства слушных прапаноў па ўдасканаленні тэхнікі. Усе яны ўвасоблены ў жыццё самім рацыяналізатарам.
– Мяне заўсёды цягнула канструяваць, – тлумачыць механізатар. – Што задумваю, тое абавязкова зраблю.
У пачатку двухтысячных кіраўніцтва набывае новы энерганасычаны трактар “Беларус-1522” і даручае яго Дамброўскаму, за якім ужо замацавалася званне галоўнага аратага гаспадаркі. Неўзабаве Мінскі трактарны завод асвойвае выпуск больш магутных сучасных трактароў, і Казіміра Станіслававіча камандзіруюць на курсы. Сёння ў распараджэнні рупліўца “Беларус-3522”.
– Работа павінна прыносіць задавальненне, а мне падабаецца працаваць на трактары, – падкрэслівае механізатар. – Устаю рана. Прывык за столькі гадоў працы.
Казімір Станіслававіч гаворыць, што жыццё прамільгнула непрыкметна, але ўспаміны толькі пазітыўныя. На пытанне, якія жыццёвыя падзеі больш запомніліся, адказаў:
– Нараджэнне дзяцей. У нас з жонкай сын і дзве дачкі. І ўжо сямёра ўнукаў. Разлічваем прычакаць і праўнукаў.
Такая ў механізатара работа, што асабліва не давялося падарожнічаць. Але калі выдаецца свабодны час, любіць разам з жонкай вандраваць. Пабывалі ў Мірскім, Нясвіжскім і Навагрудскім замках. Вельмі падабаецца, як у нашай краіне беражліва адносяцца да гістарычнай і культурнай спадчыны.
Варта адзначыць, што ў Марыі Аляксееўны, таксама ўся працоўная біяграфія звязана з гаспадаркай.
– Разам мы адпрацавалі амаль сто гадоў, – дадае Казімір Дамброўскі.
За вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і Мінскай вобласці Казімір Дамброўскі ў 2006 годзе ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, а на раённым свяце хлебаробаў «Дажынкі-2021» узнагароджаны нагрудным знакам «За заслугі» Беларускага прафесійнага саюза працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
Надежда Баталка
фота Елена Гамза