Спрыяльныя ўмовы надвор’я, якія ўсталяваліся сёлета з самага пачатку каляндарнай вясны, дазволілі работнікам сельскай гаспадаркі не толькі разгарнуцца шырокім фронтам пры выкананні палявых работ, але і прыступіць да адной з самых важнейшым кампаній года – яравой сяўбы. Прайсці яна павінна не толькі ў аптымальныя і сціслыя тэрміны для захавання тэхналогіі працэсу, але і на належным арганізацыйным узроўні, што дазволіць мінімалізаваць непажаданыя факты парушэнняў дысцыпліны працы і яе аховы.
Для таго, каб нацэліць на высокапрадукцыйную дзейнасць работнікаў сельгаспрадпрыемстваў у гэты перыяд, і былі наладжаны заняткі семінара-вучобы на тэму “Удасканаленне работы па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы пры правядзенні веснавой пасяўной кампаніі 2024 года”. На іх былі запрошаны кіраўнікі, інжынеры па ахове працы і старшыні прафсаюзных камітэтаў арганізацый аграпрамысловага комплексу Бярэзіншчыны.
Уступным словам адкрыла мерапрыемства, якое затым і вяла, старшыня Бярэзінскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч. Першае выступленне семінара было прысвечана забеспячэнні пажарнай бяспекі ў сельскагаспадарчых арганізацыях, якое агучыў інспектар Бярэзінскага РАНС Канстанцін Богач. На думку старшага дзяржаўнага інспектара аддзялення ДАІ Дмітрыя Харытончыка, якую ён давёў прысутным, не менш важная на пасяўной і ў працэсе падрыхтоўкі да яе і транспартная бяспека.
Тэму патрабаванняў да выкарыстання, умоў перавозкі захоўвання пестыцыдай і іншых сродкаў абароны раслін, аграхімікатаў і мінеральных угнаенняў раскрыў урач-гігіеніст Бярэзінскага РЦГЭ Сяргей Масюк. Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Валерыя Жураўлёва спынілася на папярэджванні няшчасных выпадкаў пра правядзенні вясенняй пасяўной кампаніі. Досыць эмацыянальным аказалася выступленне і галоўнага спецыяліста ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ірыны Бурай. А гаварыла яна не толькі пра парушэнні правіл па ахове працы, выяўленыя пры наведанні сельгасарганізацый раёна і прыняцці мер па іх ўхіленні, а і давяла інфармацыю аб правядзенні на працягу красавіка абласнога месячніка бяспекі ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
Выступаючыя не заўсёды абмяжоўваліся рамкамі агучанай тэмы семінара, выразна дапаўнялі свае словы канкрэтнымі прыкладамі таго, да чаго прыводзіць парушэнні ўстаноўленых норм і патрабаванняў закона. У ходзе ўзнікаючага дыялогу яны давалі адказы на пытанні прысутных.
Анатоль Палынскі
Фота аўтара