Цяпер у сельскай гаспадарцы — гарачая пара. Тым не менш, прафсаюзны актыў Валожынскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу знайшоў час, каб арганізаваць добры адпачынак для сваіх працаўнікоў. 42 работнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна і іх сем’і наведалі адзін з самых гістарычных і цікавых гарадоў Беларусі — Гродна. Гэтае падарожжа стала своеасаблівым пагружэннем у даўно мінулыя часы.
Турысты змаглі прайсціся па аўтэнтычных вулачках старадаўняга Гродна, наведаць Барысаглебскую царкву XII стагоддзя, Фарны касцёл у імя святога Францішка Ксаверыя, палюбавацца панарамай ракі Нёман з Замкавай гары, агледзець пажарную каланчу XIX ст. і шмат чаго іншага. Захавалася тут і старадаўняя гарадская традыцыя — кожны дзень у 12 гадзін з верхняй пляцоўкі башні гучаць «Беларускія фанфары». Трубач у старадаўнім убранні нагадвае гродзенцам, што ў горадзе ўсё добра і спакойна.



Госці наведалі і знакавае месца Беларусі — Аўгустоўскі канал, гідратэхнічнае збудаванне XIX стагоддзя, што размяшчаецца ў рэспубліканскім эказаказніку «Гродзенская пушча» і па праве лічыцца адным з самых чыстых у экалагічным плане месцаў Беларусі. Асаблівыя эмоцыі падарылі прагулянка на цеплаходзе са шлюзаваннем.

На зваротным шляху дадому ўсе ўспаміналі пра вялікую гістарычную спадчыну нашай краіны, і ў памяці ўзніклі словы беларускага класіка:
Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,
Што швейцарскія горы, старыя Афіны.
Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны —
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!