1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Минская областная профсоюзная организация Белорусского профессионального союза работников агропромышленного комплекса > Новости > Лепшыя ў тэорыі і на практыцы: у Барысаве прайшоў раённы конкурс тэхнікаў-асемянатараў
08 августа 2023

Лепшыя ў тэорыі і на практыцы: у Барысаве прайшоў раённы конкурс тэхнікаў-асемянатараў

 

Сёлета Барысаўшчына дасягнула значных поспехаў у жывёлагадоўлі. Рэгіён па надоях малака займае сёмае месца ў вобласці. Свой уклад у такі вынік унеслі і спецыялісты па аднаўленню статкаў. 7 жніўня сярод іх райплемстанцыяй праведзен конкурс-атэстацыя. Даведаліся, хто стаў лепшым.

 

У конкурсе ўдзельнічаў дваццаць адзін аператар па штучнаму асемяненню з большасці сельгаспрадпрыемстваў раёна. Перад кампетэнтным журы яны адказвалі на тэарэтычныя пытанні, а таксама дэманстравалі свае ўменні і навыкі ў практычным заданні.


− Такі конкурс праходзіць на Барысаўшчыне штогод, − патлумачыў дырэктар Барысаўскага філіяла РУСП «Мінскае племпрадпрыемства» Сяргей Ціцянок. − Акрамя адказаў сваеасаблівага экзамену па тэорыі і практыцы, улічвалася, як тэхнікі-асемянатары спрацавалі за мінулы перыяд. Паказчык выхаду цялят на сто кароў у особных спецыялістаў дасягнуў 98. Гэта дастойны вынік. Наогул нашы барысаўскія аператары па штучнаму асемяненню лепшыя ў вобласці. Таму з заданнямі яны справіліся на выдатна.


Але конкурс ёсць конкурс. Па суме набраных балаў журы вызначыла пераможцаў. Першае месца заняла прадстаўніца ААТ «Міраполле» Юлія Нікіфарава, другі вынік у аператара па штучнаму асемяненню гэтай жа гаспадаркі Таццяны Камароўскай. Бронзу конкурсу ўзяла спецыяліст прыватнай гаспадаркі «Азёры Агра» Таццяна Задруцкая. Ім уручаны дыпломы і каштоўныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

 

 

− Хачу павіншаваць пераможцаў з дастойнымі вынікамі, а Юліі Нікіфаравай пажадаць паспяхова прадставіць наш раён на абласным узроўні, − сказала пры ўзнагароджанні лепшых тэхнікаў-асемянатараў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава. − Такія конкурсы-атэстацыі праводзяцца толькі сярод спецыялістаў па аднаўленню статкаў, што гаворыць аб важнасці вашай прафесіі. Упэўнена, што на будучы год вы прадэманструеце яшчэ лепшыя вынікі.

Пераможца конкурсу працуе ў акцыянерным таварыстве «Міраполле» з 2005 года, апошнія сем год − на МТФ «Падбярэззе». У яе адзін з самых высокіх у раёне паказчыкаў выхаду цялят на сто кароў.

− Такі вынік − гэта агульная заслуга калектыву нашай фермы. Без дапамогі тых, хто працуе са мной побач, яго б не было, − заўважыла Юлія Нікіфарава. − У конкурсе найбольш складанымі для мяне былі тэарэтычныя пытанні, у практычных жа заданнях цяжкасцей не ўзнікала, бо маю вялікі вопыт.
Наперадзе ў Юліі Уладзіславаўны абласны этап конкурсу. Спадзяёмся на яе паспяховае выступленне. Лепшага ж аператара па штучнаму асемяненню рэспублікі выбяруць 16 верасня ў Магілёве.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара і райплемстанцыі