Падарункаў і віншаванняў, як вядома, у Новы год шмат не бывае. Вось Любанскім райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і было прынята рашэнне зладзіць свята для юных любанчан, чые бацькі шчыруюць у гэтай сферы.
150 рабят разам з татамі і мамамі атрымалі запрашэнні на прадстаўленне ў дзіцячую школу мастацтваў. Але перш, каб стварыць добры настрой, казачныя героі прапанавалі ім паўдзельнічаць у інтэрактыве каля лясной прыгажуні. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі, вадзілі карагоды, забаўляліся ад душы.
А потым іх чакала віншаванне ад лідара галіновага прафсаюза раёна Таццяны Рубін і першага намесніка старшыні райвыканкама Жанны Алішэвіч. Таццяна Аляксандраўна зычыла, каб у кожнага з прысутных новы год быў абавязкова больш паспяховым і шчаслівым.
– Выдатна, што арганізавана такое цудоўнае мерапрыемства для дзяцей, бо яны – наша будучае. І хочацца пажадаць, каб ім ва ўсім шанцавала і іх запаветныя мары здзейсніліся. А яшчэ няхай кожны ў 2025-м набудзе нешта сваё, бо яно заўсёды самае лепшае, – зазначыла Жанна Леанідаўна.
Пасля цёплых, шчырых слоў малых і дарослых гледачоў чакала казачная вандроўка. На гадзіну яны разам з удзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення быццам перанесліся ў дзівосны свет. Дзе ў чароўным лесе Вавёрка, Мышка, Мядзведзь і іншыя героі чакалі сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай. А Ліса і Воўк ім перашкаджалі. Але, дабро, канешне ж, перамагло. І галоўныя навагоднія персанажы павіншавалі ўсіх удзельнікаў дзеі са светлымі доўгачаканымі святамі.
А ў дадатак дзеці, прысутныя на мерапрыемстве, атрымалі салодкія падарункі ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Гэта стала выдатным эпілогам свята.