1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
22 мая 2023

Карані – у зямлі нарачанскай

Лернатовіч – прозвішча на Вілейшчыне вядомае. З гонарам яго нясе праз усё жыццё заслужаная даярка «Нарачанскіх зораў» Леанціна Леанідаўна.

Не падвялі і дзеці – Андрэй, Павел і Марына. Кожны на сваім месцы – адказны спецыяліст, які ведае сваю справу дасканала і выконвае яе як трэба. Андрэй – жывёлавод, Павел – заатэхнік, Марына – даярка. А Жэня, што працуе вадзіцелем на МАЗе, унук, сын дачкі Марыны, якая сёння працуе на ферме «Канстанполле», як некалі яе маці.
Дачка Марыя і сын Жэня падарылі ўжо бабулі Марыне траіх унукаў. У абодвух дзяцей вышэйшая адукацыя. Дачка, вывучыўшыся на педагога, адпрацавала па размеркаванні ў Плешчаніцах і вярнулася ў Вілейку, зараз у дэкрэце. А сын, гісторык па адукацыі, паспрабаваўшы на смак гарадскога жыцця, вярнуўся да вытокаў, на нарачанскую зямлю, і сёння працуе ў «…зорах» вадзіцелем. Пра працоўныя будні гаворыць без шкадавання – з работай спраўляецца, ёсць жыллё.
Рана ўставаць – гэта ўжо прывычка, і будзільніка не трэба, дзеліцца Марына Ляошка. Штодзень чакаюць яе прыхода паўсотні каровак – што сказаць, жаночым рукам даверана адказная і клопатная справа. Ды не стаіць на месцы прагрэс – сёння на ферме малакапровад, а калі яна толькі прыйшла на ферму ў далёкім 1993-м, працавалі бачкамі. Цяпер лягчэй, канстатуе субяседніца. У свой час марылася ёй, напэўна, і пра іншы хлеб, але «Камусьці трэба і кароў даіць», як мудра заўважае жанчына. Бо ведае, што працавітага чалавека будуць паважаць усюды, дзе б ён ні рабіў. І ўзнагарода будзе адпаведнай.
Кожнае свята ўся сям’я збіраецца ў мамы, Леанціны Леанідаўны, – такое ў іх правіла. І як ні круці, а размова, пачаўшыся са спраў асабістых, пераходзіць да спраў працоўных. «Мне не ўсё роўна, як жыве, развіваецца мая гаспадарка, люблю пра гэта ў дзяцей папытацца», – кажа Леанціна Лернатовіч, якая 48 год свайго жыцця аддала ферме «Канстанполле», на заслужаны адпачынак яна выйшла ў 2021 годзе. І сёння на яе падворку не пуста – ёсць кароўка, іншая гаспадарка. «У нашага Генадзя Мечыслававіча залатыя рукі і галава», – з павагай кажа пра кіраўніка «Нарачанскіх зораў» Генадзя Кучко Леанціна Лернатовіч і з жартам дадае: «Яму б пару пяцігодак яшчэ папрацаваць – усё зробіць».
Таццяна ШАРШНЁВА

peramoga.by