1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
05 июня 2023

І раскінецца сярод вёскі возера

Рассказваем, як працуюць меліяратары Бярэзінскага ПМС.

Бытаваўшы некалі стэрэатып наконт таго, што паняцце “меліярацыя” ўключае ў сябе толькі асушэнне зямель, работнікі Бярэзінскага ПМС даўно пераламалі, бо фронт іх работ істотна шырэйшы. Сёння адным з аб’ектаў прадпрыемства, напрыклад, з’яўляецца стварэнне вадаёма ў аграгарадку Мікулічы. Занята на гэтым аб’екце тры адзінкі тэхнікі – два экскаватары і бульдозер. Справа ідзе да завяршэння – ачышчаецца дно возера, добраўпарадкоўваюцца яго берагі і неўзабаве яно пачне запаўняцца вадой.

Такім чынам, сярод гэтага населенага пункта неўзабаве з‘явіцца цудоўны аазіс і месца для адпачынку вяскоўцаў. Дарэчы, стварэнне возера – гэта адзін з пунктаў мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні Мікуліч да сёлетняга свята дажынак.

– Работы распачыналі з выкарчоўвання кустоў і падрыхтоўкі пляцоўкі да стварэння непасрэдна возера. Як бачыце, плошча яго даволі істотная. Думаю, гэтае месца з часам стане ўпадабаным многімі аматарамі рыбалкі, – расказвае дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Мікалай Куксёнак. – Асноўныя работы тут выконваюць экскаватаршчык Петр Чэбан і бульдазерыст Уладзімір Камінскі. Людзі гэта адказныя, працавітыя і не раз адзначаліся за сваю старанную працу. Дарэчы, выдатных спецыялістаў у нас нямала, што спрыяе своечасоваму і якаснаму выкананню работы на аб’ектах, нарошчваць прадукцыйнасць працы і выконваць усё большыя аб’ёмы работ, нягледзячы на праведзеную аптымізацыю і скарачэнне колькасці членаў калектыву.

Палічыце самі: раней у ПМС працавала 86 чалавек, зараз штат складае толькі 62. Тым не менш, гэтымі сіламі мы спраўляемся працаваць у два разы больш прадукцыйна, што адбіваецца і на занятасці людзей, і на фінансавым стане ПМС.

Апошні час меліяратары набылі не толькі тэхніку для выканання асноўных відаў дзейнасці, але і для падвозу людзей на аб’екты. А гэтымі днямі, як сваесаблівы падарунак да прафесійнага свята, тут павінен з’явіцца новы экскаватар. Яшчэ адзін паступіць у арганізацыю да канца года. Як расказаў Мікалай Валер’евіч, працаваць на іх будуць па два чалавекі пазменна, прычым рабочы день на гэтых бульдозерах будзе доўжыцца па 12 гадзін, што, зноў-такі, станоўча паўплывае на рост прадукцыйнасці працы.

Дарэчы, стварэнне возера ў Мікулічах – не асноўны і далёка не адзіны аб’ект ПМС. Знаходзяць іх і выконваюць бярэзінскія меліяратары не толькі ў нашым раёне. Так, нядаўна яны здалі адзін аб’ект у суседнім Крупскім раёне. На акультураных палетках там паспелі ўжо пасеяць кукурузу. Ёсць таксама над чым працаваць і ў Чэрвеньскім раёне. Ды і многія гаспадаркі Бярэзіншчыны адчуваюць істотную дапамогу з боку меліяратараў у плане павелічэння пасяўных плошчаў і аддачы зямлі. Так, зараз завяршаюцца работы на аб’екце “Манча” сельгасфіліяла “Арэшкавічы” плошчай крыху больш за сто гектараў. Неўзабаве будуць здадзены пасля правядзення культурна-тэхнічных работ і некаторыя іншыя аб’екты, якія размешчаны на тэрыторыі ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, ААТ “Пагосцкі”. Аналагічныя работы вядуцца і на нядаўна распачатым аб’екце “Дулебка-Ягадка”, што на тэрыторыі СУП “АграМАЗ”. Нямала намаганняў давядзецца прыкласці працаўнікам ПМС і на аб’екце “Месціна”, дзе ў ходзе падрыхтоўкі палеткаў да пасяўной неабходна ліквідаваць нямала дрэваў, правесці карчоўку ліквідаванага лесу, прадыскаваць вызваленую тэрыторыю і толькі затым перадаць яе аграрыям.

Так, сёння прадпрыемства працуе пад поўную нагрузку і не мае прастояў. Нават у зімовы перыяд, калі з-за сезоннасці выконваемых работ іх становіцца менш, тут таксама не сядзяць без справы. А сёння ж, акрамя пералічаных аб’ектаў, вядуцца і планавыя рэгламентныя работы па доглядзе і абкосцы меліярацыйных сістэм.

– Як бачыце, – дадае Мікалай Куксёнак, – работа наша заключаецца ў цэлым у паляпшэнні зямлі, уключэнні яе ў севазварот, атрыманні ад яе аддачы і багатых ураджаяў. І нашы працаўнікі добра ўсведамляюць пастаўленую перад імі задачу, заўсёды старанна адносяцца да яе выканання, хаця патрабуе яна вялікіх намаганняў. Таму і працуюць у сістэме меліярацыі людзі невыпадковыя, некаторыя прысвяцілі ёй усё сваё жыццё, за што заслугоўваюць толькі пашаны і падзякі. Прыемна, што ў апошні час калектыў наш стаў папаўняцца і маладымі кадрамі, у тым ліку і спецыялістамі. Так што ў час нашага традыцыйнага святочнага мерапрыемства, прысвечанага прафесійнаму святу, нам было пра што пагаварыць і было каго адзначыць.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.