Жніво на Барысаўшчыне набліжаецца да заканчэння. На 21 жніўня ў раёне ўбрана 85 працэнтаў зерневага кліну, намалочана амаль 60 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 29 ц/га. У лідарах па-ранейшаму ААТ «Птушкафабрыка Вяляцічы», дзе намалочваюць 49 цэнтнераў з гектара. Таму і колькасць тысячнікаў у гаспадарцы расце, як і ў цэлым у рэгіёне.

Механізатары акцыянернага таварыства «Птушкафабрыка Вяляцічы» першымі на Барысаўшчыне намалацілі і перавезлі 1000 тон зерня. Прычым камбайнавых экіпажаў-тысячнікаў тут некалькі. Гэта ў асноўным вопытныя камбайнеры, за плячамі якіх не адзін дзясятак уборачных кампаній, але і моладзь не адстае.

Маладзёжны камбайнавы экіпаж у складзе Фёдара Лукашэвіча і Паўла Ільюшонка таксама дасягнуў тысячнай мяжы. З працоўнай перамогай яго, а яшчэ вадзіцеля Арцёма Кушнярэвіча прама ў полі павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава і ўручыла пісьмы з падзякай, каштоўныя падарункі і наклейкі на тэхніку з надпісам «1000 тон».

Маладыя камбайнеры прымалі віншаванні і ад райкама БРСМ, — іх выказала ад яго імя, уручаючы ганаровыя граматы і падарункі, Марына Страздзе.
Экіпаж-тысячнік у такім складзе працуе першую ўборачную кампанію, і адразу праявіў сябе. Старшаму камбайнеру Фёдару Лукашэвічу 27 год, а яго памочніку — 30.
— Для мяне гэта першае жніво, — падзяліўся Павел Ільюшонак. — Спачатку было цяжка, а потым прывык. Я па спецыяльнасці — слесар, але вывучыўся яшчэ і на механізатара. У гаспадарцы працую пяць год, мая маці тут была даяркай.

Прадоўжыў сямейную дынастыю ў «Птушкафабрыцы Вяляцічы» і вадзіцель Арцём Кушнярэвіч, бацька якога таксама шмат год правёў за рулём аўтамабіля.
— З маленства ведаю, што такое праца хлебароба, часта з татам ездзіў у кабіне. Як вырас, некалькі ўборачных быў памочнікам камбайнера, а зараз перавожу збожжа, — расказаў вадзіцель. — А яшчэ кірую бензавозам, запраўляю іншую тэхніку. Я ў якасці вадзіцеля ўпершыню стаў тысячнікам, летась пазней уступіў у жніво і не паспеў столькі перавезці.

Ва ўнітарным жа прадпрыемстве «БарысаўАграАльянс» першым намалаціў тысячу тон менавіта маладзёжны экіпаж, а вось вадзіцелі-тысячнікі тут з’явіліся раней. Сярод іх такія вопытныя, як Анатоль Абрамовіч і Анатоль Бяганскі, які за рулём ужо больш за чатыры дзясяткі год.

— Я скончыў школу ў Барысаве, а потым вывучыўся на вадзіцеля. З таго часу і працую ў сельскай гаспадарцы, — патлумачыў Анатоль Сяргеевіч. — Зараз жыву ў Лошніцы. Мой МАЗ-6501 з прычэпам, таму за раз перавожу 40 тон. Аднак сёлета з-за надвор’я пазней, чым звычайна, пераадолеў тысячную мяжу. У такую спякоту ў мяне ў кабіне яшчэ гарачэй, тэмпература даходзіць да паўсотні градусаў, таму працаваць няпроста. Але ўраджай неабходна ўбраць у тэрмін, таму на такую акалічнасць не звяртаеш увагі. Дзякуючы вопыту спраўляюся.

Задаволены, што выйшлі ў тысячнікі, члены маладзёжнага экіпажа гаспадаркі Мікалай Пупчык і Павел Ліцвін. Для абодвух гэта не першая ўборачная кампанія, аднак разам працуюць толькі з бягучага года.
— У мяне гэта сёмае жніво: два гады быў памочнікам камбайнера і пяць — старшым камбайнерам, — пацвердзіў Мікалай Пупчык. — А для камбайна сёлета чацвёрты сезон. Раней у мяне былі сталыя памочнікі. З Паўлам жа мы адразу спрацаваліся. Галоўная праблема толькі ў надвор’і. Вымушаны былі з-за дажджоў прастойваць, цяпер наганяем, каб справіцца ў тэрмін.

Павел Ліцвін па спецыяльнасці — слесар, але пад час жніва ідзе памочнікам камбайнера. Раней працаваў разам з бацькам, якога, на жаль, не стала, цяпер працягвае яго справу і плануе вывучыцца на механізатара.
— З Мікалаем мы разумеем адзін аднаго з першага слова, ведаем, што кожны павінен рабіць, таму і намалацілі першымі ў гаспадарцы тысячу тон, — заўважыў Павел. — Мой бацька Алег Аляксандравіч усё жыццё прарабіў у гаспадарцы, я пайшоў па яго кроках. Маці і брат спачатку хваляваліся за мяне, потым убачылі, што спраўляюся. Так што ўсё добра. Хлебароб — маё прызванне, на работу іду з задавальненнем.

Райкамам прафсаюза работнікаў АПК, як паведаміла яго старшыня Антаніна Котава, будуць заахвочаны не толькі тысячнікі — камбайнеры і вадзіцелі, але і іншыя працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў Барысаўшчыны, якія ўнеслі значны ўклад ва ўборку ўраджаю: сушылі зерне, рамантавалі тэхніку, гатавалі абеды для хлебаробаў і г.д.
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара