Хаця пагорак, на які падняўся камбайн, быў не такі і высокі, аднак з яго, як на далоні, адкрывался родная вёска. І памяць пачала пракручваць эпізоды жыцця, якое звязана ў Аляксандра Цітко з косінскай зямлёй. Ён згадаў, як у дзяцінстве разам з братам Алегам яны ўвесь свабодны час бавілі побач з бацькам-механізатарам, таксама патомным хлебаробам. А самым запаветным было ў іх жаданне праехаць на трактары альбо апынуцца ў кабіне камбайна.

Мінуў час, і гэтая мара ажыццявілася. Пасля службы ў арміі малады чалавек вярнуўся дамоў і ужо трэці дзесятак гадоў працуе на роднай ніве. Ды так, што цяжка падлічыць, колькі падзяк, грамат і падарункаў атрымаў за высокія паказчыкі.
Вось і сёлета прама на палетку яму дзякавала за шчырую працу начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Наталля Петрушэнка, а затым – і старшыня райннай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аліса Курбанава.
Такія моманты яшчэ больш радасныя і хвалюючыя таму, што ўзнагароды прымае і Алег. Яго хлебаробскі стаж меншы, аднак стараннем і вопытам ён не ўступае брату.
А як не радавацца таму, што ўсё гэта адбываецца на вачах сына Дзмітрыя. Юнак працягвае хлебаробскую дынастыю, атрымлівае веды ў прафесійна-тэхнічным ліцэі, а падчас канікулаў, вядома ж, набіраецца вопыту ў сапраўдных прафесіяналаў.

Дарэчы, браты Цітко – не толькі выдатныя працаўнікі, але і мнагадзетныя бацькі, якія выхоўваюць па трое дзяцей.
Аднолькавыя імёны і падобныя лёсы
Памятаю, як некалькі гадоў таму на адвозцы зерня ад камбайнаў у раённым спаборніцтве вызначыўся Дзяніс Размоўка, які толькі скончыў школу і атрымаў пасведчанне вадзіцеля. Мы фатаграфавалі юнака напярэдадні провадаў у армію. Ён абацаў вярнуцца пасля службы ў роднае Косіна. Слова сваё стрымаў і цяпер зноў – лепшы на жніве сярод маладых вадзіцеляў.

— У мяне дзед ўвесь час аўтамабілем упраўляў, – дзяліўся малады чалавек. – Бацька з тэхнікаў звязаны. Сёлета на камбайне працуе. Хіба можна іх падводзіць?
Трэба зазначыць, што першую тысячу тон зерня Дзяніс перавёз ад камбайнаў на трактары МТЗ, чым заслужыў павагу вопытных вадзіцелей,і не на многа адстаў ад другога Дзяніса – Маліноўскага.

І гэты малады чалавек паходзіць з хлебаробскай дынастыі. У паляводстве працаваў яго дзед, а бацька вось ужо 40 гадоў круціць баранку аўтамабіля. Кожную раніцу яны разам накіроўваюцца на працу, якую выконваюць з вялікай адказнасцю. Дзяніс таксама адслужыў у арміі і некалькі гадоў запар узначальвае ў раёне спіс маладых перадавікоў на жніве. Не стала выключэннем і сёлетняя ўборчная кампанія.
“Інакш працаваць не умеем..”
Так падвёў вынік размовы з косінскімі хлебаробамі Максім Кульпекша.
— У кожнага з нас продкі на гэтай зямлі шчыравалі, – разважаў ён. – Тады і ўраджаі не такія былі, і тэхніка зусім іншая. А цяпер камбайны пастаянна абнаўляюцца. Напрыклад, сёння я ўбіраю яравы ячмень, які дае на 68 цэнтнераў збожжа з гектара. Так што сэрца радуецца. Нас забяспечваюць таннымі абедамі. Дома, а жыллё, дарэчы, мы таксама атрымалі ад гаспадаркі, чакаюць жонка і дзве дачкі, якія хвалююца за мяне. Ды яшчэ і малодшы брат імкнецца браць прыклад. Як жа павінен я працаваць пры гэтым? Думаю, адказ на такое пытанне відачвочны.
Як бачна, косінская зямля шчодрая не толькі на хлебны каравай, але і на адданых ёй хлебаробаў.
Валянціна КОРЗУН, “РК
Фота аўтара