Пэўна, самай хвалюючай і ўрачыстай часткай раённага свята “Дажынкі-2024” у Любані стала цырымонія ўзнагароджання лідараў жніва.

Звяртаючыся да вясковых рупліўцаў, старшыня райвыканкама Віталій Платун зазначыў: “Сёлетні год быў не зусім простым. Але нягледзячы на гэта працаўнікі аграпрамысловага комплексу прыклалі максімум намаганняў, каб выканаць увесь аб’ём работ і годна вытрымаць экзамен на трываласць”. Гаспадарскія адносіны і старанне іх дазволілі забяспечыць больш высокія паказчыкі, чым летась, як па валавым намалоце збожжа, так і па ўраджайнасці. За што кіраўнік раёна падзякаваў хлебаробам, людзям асаблівай загартоўкі, якіх адрозніваюць дбайнасць і адданасць абранай справе. І ўручыў узнагароды за важкія дасягненні.

За вернасць сялянскім традыцыям і руплівае стаўленне да роднай зямлі любанчан-аграрыяў адзначылі таксама начальнік упраўлення механізацыі і інвестыцый камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама Леанід Засямчук, намеснік старшыні абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Юрчык і лідар раённай – Таццяна Рубін. Акрамя грамат, падзяк, дыпломаў асобным рупліўцам хлебнай нівы, ад абласнога выканаўчага камітэта падрыхтаваны сертыфікат на трактар МТЗ-1221.3 для КСУП “Таліца-агра”.

Яшчэ адным чаканым момантам стала ўшанаванне пераможцаў дажыначных конкурсаў. Так, сярод снапоў лепшым вызначаны з таварыства “Асавец-агра”, каравай – “Таліцы-агра”, падворак – “БВА”. А за самую арыгінальную саламяную фігуру заахвочаны ААТ “Урэцкі”. Да слова, менавіта яму перададзена і эсафета правядзення раённых “Дажынак” наступнага года.
І, канешне, не абышлося без спеваў і танцаў. Яркіх фарбаў урачыстасці надалі выступленні творчых калектываў Любанскага, Салігорскага і Слуцкага раёнаў, арт-групы “Багач”.
