Сёлета раней звычайнага гаспадаркі раёна распачалі вясенне-палявыя работы. Таму ўжо ў першай дэкадзе красавіка многім сельгаспрадпрыемствам удалося адсеяцца, у тым ліку і ў ААТ «Карсакавіцкі». Пабывалі ў гаспадарцы і даведаліся, як тут праходзіць веснавая сяўба.
Акцыянернае таварыства ўзначальвае малады кіраўнік Віктар Качан. Для яго гэта першая на новай пасадзе вясенне-пасяўная кампанія. Аднак у яго ёсць вопытныя помочнікі і дарадчыкі, як Іосіф Зянкевіч, які працуе ў сельскай гаспадарцы звыш дваццаці год. Іх сустрэлі мы на машынным двары, куды прыехалі трактары з поля.
— Тэхніку падрыхтавалі своечасова, таму веснавую сяўбу распачалі ў тэрмін, — заўважыў Віктар Качан. — Сеялі трактарам МТЗ-3522 з пасяўным агрэгатам АППМ-6 «Бярэсце». Перад ім абавязкова праходзілі камнепадборшчыкі. Іх у нас дзве адзінкі. Падвоз насення быў арганізаваны такім чынам, каб тэхніка не прастойвала. У перыяд пасяўной кампаніі нашы механізатары на рабоце з сямі гадзін раніцы і да сямі вечара. Яны забяспечаны спецадзеннем і гарачым харчаваннем. У гаспадарцы ёсць свая сталовая, абеды гатуюць смачныя, іх прывозяць прама ў поле.
У гаспадарцы пад раннія яравыя збожжавыя культуры адведзена 550 га, пад аднагадовыя травы на зялёны корм — 600 га, пад грэчку — 100 га і пад кукурузу — 900 га, з якіх 100 га на зерне. Такім чынам яравы клін склаў 2150 га.
— Па меры падсыхання глебы ў поле да закрыцця вільгаці прыступілі два агрэгаты АПШ.М.10, на якіх працавалі Дзмітрый Гапановіч і Алег Рабецкі, — паведаміў Іосіф Зянкевіч. — Імі ў дзень закрывалася па 70-80 га, а Віктар Буцько на пасяўным агрэгаце засяваў па 40 га. У ліку першых у раёне мы прыступілі да подкормкі азімых вадкімі азотнымі ўгнаеннямі, зараз праводзім другую. Механізатар Уладзімір Білан на апырсквальніку «Раса» ў першую падкарміў збожжавыя на плошчы 1000 га за 12 дзён. Працягваем уносіць арганічныя ўгнаенні пад кукурузу. Па плану — 25 тысяч тон, паловай з іх ужо заправілі глебу. Працуе атрад у складзе Аляксандра Крывашэя на пагрузчыку «Амкадор-352», Віктара Буцько на трактары МТЗ-3522 і Мікалая Мікуліча на трактары МТЗ-1221. Глебу араў на трактары МТЗ-35212 з плугам ППО-9-45 Сяргей Емяльяненка. Усе спрацавалі добра і ў тэрмін.
На машынным двары механізатар Уладзімір Білан, пакуль з-за надворья зрабілі перапынак (у дождж вадкія ўгнаенні не ўносяць), правяраў сваю «Расу». На гэтым апырсквальніку, які нагадвае «фольксваген» «Жук» на вялікіх пакрышках, працуе звыш пятнаццаці год, а ў сельскай гаспадарцы — у два разы болей.
— Мае бацькі і брат таксама аграрыі. Маці з бацькам былі жывёлаводамі на ферме ў Зембіне, а брат, як і я, механізатар, — расказаў Уладзімір Уладзіміравіч. — За больш чым трыццаць год, што працую ў гаспадарцы, такая ранняя пасяўная кампанія на маю памяць першая. Аднак сёлета было нават лягчей ісці па полі, чым летась, не так шмат вілігаці. На сяўбу мы ўсім забяспечаны, раніцой і ўвечары праходзім медыцынскі агляд. Ніхто працоўную дысцыпліну не парушае, бо ведаем, што робім падмурак будучага ўраджаю.
Як толькі дазволіць надвор’е і глеба прагрэецца да 9 градусаў, у гаспадарцы распачнуць сеяць кукурузу, пад якую тут адводзяцца значныя плошчы. Так што расслабляцца пакуль рана. Нездарма ж народная мудрасць гаворыць, што вясенні дзень год корміць.
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара