1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
24 октября 2023

Восень – работ восем!

Праўдзівасць гэтай прыказкі аграрыі выдатна разумеюць. У залатую пару на палях усё яшчэ задзейнічана вялікая колькасць тэхнікі, а на аб’ектах жывёлагадоўлі вядзецца падрыхтоўка да зімова-стойлавага перыяду. Так адбываецца і ў СУП «Хажоваагра-2009».

Гаспадарку мы наведалі разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатоліем Фурсам. У дзень візіту хажоўцы ўбіралі кукурузу на сілас, цукровыя буракі, дыскавалі і ўзворвалі глебу, выконвалі іншыя работы. Важная задача – пастаноўка сельскагаспадарчай тэхнікі на зімовае захоўванне.

– Сродкі механізацыі, якія цяпер не выкарыстоўваюцца, але будуць задзейнічаны ў наступным палявым сезоне, неабходна захаваць у рабочым стане, – расказаў выконваючы абавязкі галоўнага інжынера гаспадаркі Уладзімір Сіляўскі. – Для гэтага тэхніку чысцяць, вузлы і агрэгаты змазваюць, нацяжныя рамяні аслабляюць… Камбайны і іншая складаная тэхніка ставіцца пад спецыяльны навес. Усё гэта гарантуе яе захаванасць.

Субяседнік дадаў, што машынна-трактарны парк гаспадаркі рэгулярна абнаўляецца. Новая сучасная тэхніка дазваляе выконваць задачы з меншай колькасцю работнікаў, эканоміць час, паліва, іншыя рэсурсы. Летась гаспадарка на ўмовах лізінгу набыла энерганасычаны «Беларус 35-22». Адзін з самых магутных айчынных трактароў паказаў сябе выдатна. Кіраваць ім даверылі механізатару Сяргею Мандрыку.

– Тэхніка добрая, працаваць на ёй камфортна, – адзначыў Сяргей Пятровіч. – Трактар надзейны. Работу рухавіка рэгулюе бартавы камп’ютар. «Беларус» быў задзейнічаны на многіх відах палявых работ. Цяпер на ім праводзіцца дыскаванне глебы. За адзін праход агрэгат апрацоўвае паласу шырынёй 6 метраў.

Значная частка прадукцыі раслінаводства гаспадаркі фарміруе кармавую базу для грамадскага статка. Пры гэтым ад колькасці і якасці кармоў залежыць, наколькі паспяхова пройдзе зімова-стойлавы перыяд. Таму наступная кропка нашага маршрута – малочнатаварная ферма «Слабодка».

– На ферме ўтрымліваецца 857 галоў буйной рагатай жывёлы, 472 з іх – дойны статак, – расказала брыгадзір МТФ Святлана Луновіч. – Кармоў для падапечных назапашана дастаткова. Зіму мы сустракаем спакойна. Малако на перапрацоўку пастаўляецца гатункамі «экстра» і вышэйшым. Ветэрынарная і заатэхнічная службы працуюць эфектыўна.

Адна з лепшых работніц фермы – аператар па гадаванні цялят Рыта Шоць. У яе 150 падапечных ва ўзросце ад нараджэння да трох месяцаў. Бычкі і цялушкі дзякуючы яе клопатам растуць хутка. Прывагі складаюць амаль 800 грамаў за суткі. Падзяжу маладняку работніца не дапускае.

– Даглядаю цялят восем гадоў, – гаворыць Рыта Уладзіміраўна. – Галоўнае ў маёй рабоце – любіць жывёлу і добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. Важна своечасова пакарміць падапечных, убраць за імі, заўважыць, калі бычок або цялушка захварэюць. Сама я вырасла і жыву на вёсцы. Таму спецыфіку працы ў сельскай гаспадарцы ведаю з дзяцінства.

З аграрнай галіной звязала сваё жыццё і дачка субяседніцы Вікторыя. Дзяўчына малады спецыяліст, працуе ў гаспадарцы эканамістам. Яшчэ адна дачка Рыты Уладзіміраўны вучыцца на цырульніка.

– Людзі заўсёды былі і ёсць галоўнае багацце любога калектыву, – падсумаваў вынікі наведвання гаспадаркі Анатолій Фурс. – У «Хажоваагра-2009» гэта разумеюць, таму ствараюць для работнікаў камфортныя ўмовы. Адміністрацыя працуе ў цесным кантакце з прафсаюзамі. Выйграюць ад такога ўзаемадзеяння ўсе.

Алег Бяганскі