У сельскагаспадарчых арганізацыях Пухавіцкага раена поўным ходам вядзецца корманарыхтоўка.

Стаіць спякотнае для чэрвеня надвор’е. Гэта і добра, але вельмі патрэбны дажджы. Травы любяць вільгаць і ў ААТ “Індустрыя-СГ” хвалююцца за лёс ураджаю другога ўкосу і, адпаведна, за нарыхтоўку кармоў. У сельгасарганізацыі ўжо ўбрана больш за 70% плошчаў і сёння тут стараюцца зрабіць усё, каб атрымаць паўнацэнны другі і трэці ўкос, таму што ўмовы надвор’я пужаюць.
У ААТ “Індустрыя-СГ” першым укосам неабходна ўбраць 1620 гектараў траў, нарыхтаваць 8 тысяч тон сенажу. Для гэтых мэт вырошчвалі шматгадовыя бабова-зёлкавыя культуры. Плюс яшчэ 40 гектараў азімых культур былі пасеяны на зялёны корм. Разлічвалі атрымаць 100 цэнтнераў з гектара зялёнай масы, а атрымліваюць з-за засухі толькі 50 цэнтнераў.
Як адзначыў дырэктар ААТ “Індустрыя-СГ” Віктар Коршунаў, нарыхтоўка траў у пачатку сезона вельмі складаная. Якасць зялёнай масы – добрая, а колькасць – не. Людзі працуюць з самааддачай, стараюцца. Тэхніка была добра падрыхтавана, таму калі і здараюцца паломкі, то малаважныя і механізатары іх хутка ўхіляюць.
За дзень у гаспадарцы ўбіраюць 5 працэнтаў плошчаў. Ужо заклалі чатыры сянажныя траншэі па 500 тон. У гэтым годзе хаваюць пажыўныя кармы для кароў новым спосабам – так званым тыпам канверта. Лічыцца, што ён лепш захоўвае ўсю пажыўную каштоўнасць, больш герметычны.
З сямі гадзін раніцы і да сямі вечара задзейнічаны ў рабоце два трактары МТЗ-3522 з 9-метровымі косамі. На іх працуюць вопытныя механізатары Сяргей Бункевіч і Віктар Савасцюк. На зграбанні правяленай масы — Андрэй Каралько. За ім следам уключаюцца ў корманарыхтоўчы канвеер на КВК Аляксей Скіндэр і Мікалай Падбярозкін. На адвозцы задзейнічаны 6 адзінак тэхнікі. Кіпіць праца і на сянажных траншэях, дзе вядзе трамбоўку на пагрузчыку Амкадор Ігар Лінскі.