У гарачую пару абмалоту збажыны для вясковых руплівцаў, якія шчыруюць на хлебнай ніве, кожная хвіліна дарагая, таму абеды ім дастаўляюць прама ў поле, каб зусім не надоўга перарываць вытворчы працэс.
— Ва ўсіх гаспадарках Любаншчыны загадзя паклапаціліся пра арганізацыю гарачага харчавання. У большасці з іх заключаны дагаворы з арганізацыямі, што аказваюць паслугі па прыгатаванні абедаў для хлебаробаў. Але ў трох сельгаспрадпрыемствах па-ранейшаму дзейнічаюць уласныя сталоўкі. Гэта — адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Забалацкі», «Асавец-агра» і «Гарадзяцічы-Агра», — паведаміла старшыня Любанскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Рубін.

І ў вясковых сталоўках якасць страў не ў чым не саступае тым, што прывозяць на поле нават з гарадскіх аб’ектаў грамадскага харчавання. Для гэтага створаны належныя ўмовы. Харчблокі ўкамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем у адпаведнасці з дзеючымі санітарнымі нормамі і правіламі. Парадак абавязкова падтрымліваецца.
— Па-іншаму і быць не можа. Мы ж кухарым для нашых дбайных трактарыстаў, вадзіцеляў, машыністаў КЗС, ад якіх залежыць хлебны каравай, — падзялілася Юлія Семянчэня, повар сталовай у вёсцы Смольгава.
Яна, дарэчы, каля дзесяцігоддзя гатуе стравы для забалацкіх працаўнікоў. А ў памочніках у яе ўжо тры гады Людміла Дзёміна. Жанчына прыехала на Любаншчыну з Луганскай вобласці Украіны і летась атрымала беларускае грамадзянства. Тут яна адчувае сябе нібыта дома і з ахвотай працуе ў гаспадарцы. Разам з Юліяй клапоціцца пра тое, каб мясцовыя рупліўцы былі дасыта накормлены і мелі сілы і жаданне ўбіраць ураджай.


Пра тое ж дбаюць і повары сталовак у Асаўцы і Палічыне. Іх супы, разнастайныя гарніры, катлеты і іншыя стравы хлебаробы ўплятаюць, як кажуць, за абедзве шчокі. Бо ўсё — свежае і апетытнае, прыгатавана па-дамашняму і з душой.
Райкам галіновага прафсаюза пастаянна праводзіць маніторынгі сітуацыі з гарачым харчаваннем у АПК. І яны, па словах Таццяны Аляксандраўны, сведчаць, што абеды задавальняюць людзей. Тым больш што асноўныя траты на іх — да 80 працэнтаў ад агульнага кошту — бяруць на сябе сельгаспрадпрыемствы. Працаўнікам даводзіцца аплачваць у сярэднім да трох рублёў у дзень.
Падчас чарговага маніторынгу лідар райкама падзякавала работніцам сталовак за плён і ўручыла падарункі.
